Каляды

З пляцоўкі Мова для ўсіх!

Каля́ды — народнае зімовае свята, што працягваецца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з першай Каляды да Вадохрышча.

Каляды.png

Для Калядаў характэрныя тры абрадавыя вячэры — куцці: вялікая спраўляецца перад 1-м святочным днём, шчодрая з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам.

Вялікая куцця

Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), што мела назву «Вялікай куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцыраптам, якая паказла вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос.

Вялікая куцця.png

Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду.

Святочная вячэра складалася з 12 страваў. На першую куццю стараліся не хадзіць у чужыя хаты праз прыкмету, што жывёла сыдзе са двара і знікне. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэння прыплоду і ўдойнасці рэшту куцці давалі свойскай жывёле.

Шчодрая куцця

Шчодрая куцця.png

Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня – 1 студзеня / 13 студзеня – 14 студзеня) называецца «шчодрым» ці «ласым». Яшчэ загадзя гаспадар біў кормную свінню. Свіння, якая выступала ў якасці ахвяры Багам у старажытных грэкаў, рымлян, германцаў і кельтаў, захавала гэтае значэнне і ў беларусаў.

На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакаю. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая праз сваю пладавітасць успрымалася як сімвал урадлівасці. Для таго, каб куры несліся дома, а не на чужых дварах, пасля святочнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй.

Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець прыкладна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыкі, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.

Пячы ката.png
Звычай «Пячы ката»

У вёсках Міншчыны быў распаўсюджаны абрад пад назваю «пячы ката». З хлеба, пірага, сала, каўбасы рабілася фігурка ў выглядзе ката. Яе падвешвалі на палку ці на столі. Яна разгойдвалася, і моладзь спрабавала ўхапіць «ката» і трошкі адкусіць ад яго.

Вядзяная куцця

Трэцяя, «Посная» ці «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардана адзначаецца гэтае свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў.

Вадзяная куцця.png

У хрысціянскім свеце на Хрышчэнне паўплывалі старажытныя вераванні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці возера і чэрпалі ваду, якую пасля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і шкоднага ўплыву ведзьмаў. У некаторых вёсках на Вадохрышча на рэчцы выраблялі са снегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым — бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую свянціў святар.

На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца гэтак званымі «крывымі» працамі (шыць, віць, плесці, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінныя з’явіцца на свет, абазязкова народзяцца «крывыми», пакалечаными. Скрайне непажадана было пазычаць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу — гэта магло прывесці да нястачы ў гаспадарцы.

З другога боку, лічылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшым ад усіх, а калі свінням на першы дзень пасля Куцці кінуць у вочы снегу — іх ніхто не зможа сурочыць на працягу года.

Абрад "Запісванне Каляды".png
Абрад «Запісвання Каляды»

У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісвання Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вымаў з печы гаршчок з куццёй, ставіў у ягозроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэйдаю.

Практыкаванні

  1. Словы;
  2. Факты;
  3. Тэкст;
  4. Пытанні для абмеркавання:
  • Што для вас значаць Каляды?
  • Ці святкавалі Каляды вашыя бабулі і дзядулі? Калі так, то якім чынам?
  • Ці адзначалі Каляды згодна з народнымі традыцыямі?