Казка "Ілля і Пятро"

З пляцоўкі Мова для ўсіх!

Ілля і Пятро

Даўно тое было – яшчэ як сам Бог па зямлі хадзіў. Аддаў Бог увесь свет Іллі і Пятру. Але, ведама, дзе два паны, там ніколі ладу няма. Як адзін думае, што трэба дождж пасылаць, то другі абавязкова захоча наадварот – пагоду. Плачуць хмары, не ведаюць, што рабіць, каго слухацца. Пойдзе дождж, дык Пятро бяжыць лаецца, на чым свет стаіць:

– Што вы робіце, нашто мочыце сена? Цяпер жа ж людзі косяць!

– Нам, – кажуць хмары, – Ілля загадаў.

– Ах вы! – лаецца Пятро. – Я вам пакажу таго Іллю! Ілля заўсёды наробіць гнілля.

Ухопіць Пятро добрага веніка і паразганяе хмары па кутках, а неба чысценька падмяце. Ды вось адкуль ні вазьміся тарахціць-едзе Ілля. Крычыць, як на пагібель, аж неба і зямля дрыжаць. Хмары таўкуцца, бы непрытомныя, вылазяць з куткоў, і ўжо ліе такі дождж, што не толькі берагі, але і высокія груды затоплівае. Жаляцца людзі Богу, што паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца. Жаляцца і просяць, каб Бог даў пагоду. Прызывае Бог Іллю, каб насварыцца на яго, а той кажа: “Столькі развялося нечысцей-чарцей, што трэба іх громам пабіць, бо ўвесь свет запаганяць!”. Прызывае Бог Пятра і кажа: “Няхай Ілля трохі папалюе на чарцей”. А Ілля тым часам падымае такія грымоты, што аж зямля стогне. Няма ні дня, ні ночы – хмары таўкуцца, як уюны ў рэшаце. На небе кіпіць, як у гаршку, маланка бліскае, аж уваччу цёмна становіцца. А пярун смаліць раз-пораз, паласуе хвоі і дубы ды паліць будоўлю або стагі. А Ілля едзе сабе па небе ды камандуе:

– Так-так-так! Го-го-го! Яшчэ! Лупі! Лупі яго! От так, го-го-го! Трэсні на яго па патыліцы! У патыліцу лупі яго, гада! Трах-тах-тах-тах! Го-го-го!

Просяць людзі напрамілы Бог, каб суняліся грымоты. А Ілля ж не слухае! Ходзіць Пятро ды плюецца бяззубым ротам ад злосці. Нацешыцца Ілля, пачысціць сваю каляску і паедзе да Сонейка ў госці. Тут Пятро ўжо падмяце неба ды давай сушыць зямлю. Вось ужо падыходзіць пара сеяць жыта, а зямля сухая, як праснак! Зноў бяда – бяда ўжо, што няма дажджу! А Ілля сваволіць сабе з Сонейкам і пра зямлю забыўся!

Не маюць вока адзін ад другога Ілля і Пятро. Сярдзітыя, баяцца, каб не сустрэцца. Але раз уздумалі яны пахадзіць па зямлі, папытацца людзей, каго тыя больш любяць – Пятра ці Іллю? Як сышлі яны на зямлю, так у пэўным часе і сустрэліся.

Ідуць яны разам і спрачаюцца. Пятро кажа, што яго больш любяць людзі, а Ілля кажа, што яго. Як жа дазнацца, чыя праўда? Бачаць яны, як чалавек сее грэчку.

– От, – кажа Пятро, – давай папытаем, каго мужыкі больш любяць.

– Папытаем, – кажа Ілля. – Памагай Бог!

– Дзякаваць!

– Скажы, добры чалавеча, каго вы больш любіце – Пятра ці Іллю?

Мужык зняў з плеч сявок, паставіў яго на зямлю, пачухаў патыліцу дый кажа:

– А багі яго знаюць, каго мы больш любім! Мо Іллю, а мо Пятра і Паўла!

– Ты не гарадзі плота, – кажа Пятро. – А скажы проста!

– Ілля, Павел, Пятро – добрыя святкі, мы іх любім.

– Дык каго ж больш?

Бачыць мужык, што тут не выкруціцца, і кажа:

– Ну, пэўна, Паўла-Пятра.

Аж затросся Ілля ад злосці. Пайшлі яны далей, а Ілля і кажа:

– Але ж спяку я яму за гэта ніву, нічога не зародзіць!

– А я намачу, і зародзіць, – сказаў Пятро.

– Калі так, дык я зраблю вось як: хто першы ўкусіць перапечку з нівы гэтага мужыка, той і падавіцца!

Пасміхнуўся Пятро, і пайшлі яны далей. Было вельмі ж добрае тое лета. Удзень пагода ды цяпло, а ўначы – ці цёплая раса, ці такі ціхенькі цёплы дождж. Расце ўсё, як на дражджах! Здаецца, пасадзі на полі дзіця – дык і тое вырасце. Зарадзіла грэчка па пояс, набіў мужык паўгумна – от які ўраджай! Намалаціў ён той грэчкі, намалоў, і напякла баба свежых перапеч* поўную печ!

На той час прыходзяць ізноў нечага ў тое сяло Ілля з Пятром – і заначавалі ў таго мужыка. А Ілля забыўся і не пазнаў яго. Селі яны вячэраць.

– От жа, дзякуй Богу, зарадзіла цяпер грэчка. Паспытайце, госцікі, свежых перапечак!

А Ілля тады добра-такі згаладаўся! Ён як ухапіў перапечку, так і падавіўся! Ён і так, і гэтак: і вадой запіваць, і кулаком біць у грудзі-спіну – хоць бы што! Здагадаўся ён, што гэта праклятыя ім перапечкі, і давай прасіць мужыка і Пятра! Насілу ж ачухаўся! З тае пары не перашкаджае Ілля людзям сена касіць. Але ўсё было б добра, каб Пятро не быў такі стары ды глухі. Бог кажа:

– Пасылай тады дождж, як людзі просяць.

А ён не дачуў ды пасылае дождж, як людзі косяць.

Практыкаванне: Спражэнне дзеясловаў у цяперашнім часе

Заданне: Раскрыйце дужкі, паставіўшы дзеясловы ў форму цяперашняга часу. Звяртайце ўвагу на кантэкст, каб выбраць форму, адпаведную асобе і ліку.

  1. ⚡️ Ад грымотаў Іллі зямля (дрыжаць) так моцна, што (здавацца): вось-вось наступіць канец свету.
  2. 🌧️ Хмары (таўчыся) у паветры, нібы непрыкаяныя, не ведаючы, каго з двух паноў слухацца.
  3. 🔥 Маланка раз-пораз (бліскаць), і ўваччу ў кожнага сведкі адразу (станавіцца) цёмна.
  4. 🚜 Селянін спакойна (сеяць) грэчку, нават не падазраючы аб спрэчцы нябесных жыхароў.
  5. 🧹 Пятро старанна (падмятаць) неба, каб яно заставалася чыстым пасля кожнай буры.
  6. 🍲 На небе ўсё (кіпець), як у вялікім чыгуне, калі Ілля (даваць) загады грымотам.
  7. 👣 Два паны (ісці) разам і (спрачацца), каго з іх людзі (паважаць) болей.
  8. 🍞 Калі ты (укусіць) гэтую перапечку першым, то адразу ж (удавіцца) — (папярэджваць) нябесны жыхар.
  9. 🌱 У такое добрае лета ўсё на палетках (расці) як на дражджах.
  10. 🤫 Мужык (чухаць) патыліцу і (не адказваць) на простае пытанне святых.
  11. 💦 «Я (намачыць) гэтую ніву, і яна абавязкова (зарадзіць)», — (абяцаць)Пятро.
  12. 🌞 Пасля працы Ілля (чысціць) сваю каляску, а затым (ехаць) да Сонейка ў госці.
  13. 🏜️ Калі зямля (станавіцца) сухой, як праснáк, людзі (пачынаць) маліць аб дажджы.
  14. 🌾 Людзі (касіць) сена, а дождж ім у гэты момант усё (псаваць).
  15. 🧹 Пятро (хапаць) венік і (разганяць) хмары па кутках, нібыта (наводзіць) парадак у гаспадарцы.
  16. 🌊 Дождж (ліць) так, што берагі (знікаць) пад вадой.\
  17. 🔥 Пярун (смаліць) раз-пораз, (паласаваць) хвоі, (ламаць) дубы і (спальваць) стагі.
  18. ☀️ Калі Ілля (нацешвацца) і (ехаць) да Сонейка ў госці, Пятро адразу (падмятаць) неба і (сушыць) зямлю.
  19. 🚶‍♂️ Але ўсё ж яны (сыходзіць) на зямлю і (пытацца) людзей, каго тыя больш (любіць).
  20. 😡 Ілля (трэсціся) ад злосці і (клясціся), што (спячы) яму ніву, каб нічога не радзіла.

Практыкаванне. Прачытайце аналіз казкі “Ілля і Пятро”, перакладаючы словы ў дужках на беларускую мову.

Казка «Ілля і Пятро» раскрывае (народное представление) пра (природные силы) і іх непасрэдны ўплыў на (человеческую жизнь), (повседневный труд) і (крестьянский быт). Ілля ўвасабляе (стихийную мощь): гром, маланку, лівень, (разрушительную энергию), якая не зважае на патрэбы людзей. Пятро, наадварот, звязаны з (порядком), (умеренностью) і жаданнем, каб усё адбывалася (вовремя) і (по справедливости). Іх пастаянная спрэчка сімвалізуе (вечный конфликт) паміж стыхіяй і чалавечым імкненнем да стабільнасці. Людзі ў казцы паказаны як (зависимая сторона): яны не могуць кіраваць надвор’ем і вымушаныя (приспосабливаться) да волі нябёсаў. Асабліва паказальны вобраз мужыка, які адказвае без страху і без (лести), выяўляючы (житейскую мудрость) і разуменне таго, што і дождж, і пагода патрэбныя для (урожая) і жыцця.

У другой частцы казкі ўзмацняецца (моральный смысл) праз (иронию) і (комическое наказание). Ілля, ахоплены (злостью) і (самоуверенностью), пагражае спаліць ніву і выказвае (жестокое намерение), але ў выніку сам трапляе ў пастку. Сцэна з перапечкай выглядае як (самонаказание): стыхійная сіла аказваецца безабароннай перад (простым человеческим бытом). Пятро ж таксама не з’яўляецца ідэальным вобразам: яго старасць і глухата сімвалізуюць (несовершенство добра), якое можа прывесці да (ошибочных действий). Дождж ідзе не тады, калі просяць, а калі косяць, і гэта падкрэслівае (хаотичность мира). У выніку казка сцвярджае, што жыццё трымаецца на (равновесии) паміж сілай і мерай, паміж (стихией) і (разумным порядком), а парушэнне гэтага балансу заўсёды вядзе да пэўных (последствий).